ЯДРО́ А́ТАМНАЕ,
цэнтральная частка атама, у якой сканцэнтравана 99,95% яго масы. Я.а. складаецца з Z пратонаў і N нейтронаў, характарызуецца надзвычай высокай шчыльнасцю р ~1017 кг/м³. Лінейныя памеры яго вызначаюцца радыусам R = (1,2 ÷ 1,4)∙A1/3∙10−15 м (у дзесяткі тысяч разоў меншыя за памеры самога атама), дзе A = Z + N — масавы лік. Я.а. абазначаюць сімвалам хім. элемента з указаннем масавага ліку злева ўверсе, напр. 40Ca. Падзяляюцца на стабільныя і радыеактыўныя (гл. Радыеактыўныя элементы). Я.а. — адзін з асн. аб’ектаў даследаванняў ядзернай фізікі і ядзернай спектраскапіі.
Асн. характарыстыка Я.а. — дадатны эл. зарад Ze (е — элементарны зарад) і месца Я.а. ў перыяд. сістэме элементаў Мендзялеева вызначаюцца лікам Z пратонаў у ядры. Змена эл. зараду Я.а. заўсёды выклікае ператварэнне аднаго хім. элемента ў другі. Нуклоны ў Я.а. звязаны магутнымі блізкадзеючымі сіламі, якія наз. ядзернымі сіламі; паміж пратонамі, акрамя таго, дзейнічаюць кулонаўскія сілы адштурхоўвання (гл. Кулона закон). Устойлівасць Я.а. характарызуецца энергіяй сувязі. Сярэдняя энергія сувязі нуклона ў Я.а. ε = E/A для большасці ядраў каля 8 Мэв. Я.а. з аднолькавымі Ζ і рознымі N наз. ізатопамі; з аднолькавымі N і рознымі Z — ізатонамі, з аднолькавымі A і рознымі Z — ізабарамі. Ад суадносін колькасцей пратонаў і нейтронаў у Я.а. залежаць стабільнасць ядра, тып радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць), спін ядра, эл. квадрупольны і магн. дыпольны моманты (характарызуюць размеркаванне ў ядры адпаведна зараду і магн. моманту) і інш. ўласцівасці. Найб. устойлівыя і пашыраныя ў прыродзе Я.а. з цотнымі лікамі Z і N, т.зв. цотна-цотныя Я.а., найменш устойлівыя няцотна-няцотныя. Найб. трывалыя Я.а., у складзе якіх 2, 8, 20, 50 ці 82 пратоны або нейтроны, ці 126 нейтронаў. Пералічаныя значэнні Z і N наз. «магічнымі» лікамі, а Я.а. з такімі Z і N «магічнымі» ядрамі. Энергія сувязі пратона ці нейтрона ў «магічных» Я.а. на 10—20% большая, чым у звычайных. Для апісання сукупнасці эксперым. уласцівасцей Я.а. сучасная тэорыя шырока выкарыстоўвае ядзерныя мадэлі, якія з’яўляюцца мадыфікацыямі класічных абалонкавай і абагульненай мадэлей.
Літ.:
Бор О., Моттельсон Б. Структура атомного ядра: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1971—77;
Соловьев В.Г. Теория атомного ядра: Ядерные модели. М., 1981.
Э.А.Рудак.
т. 18, кн. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)